На школьнай пляцоўцы Вішоўскай СШ, дзе праходзіла лінейка, панаваў святочны настрой. Шмат цёплых слоў было адрасавана вучням, настаўнікам і бацькам. Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі, вядома ж, выпускнікі – выдатная сямёрка адзінаццацікласнікаў. Менавіта на іх адрас у гэты дзень гучалі сардэчныя наказы настаўнікаў і бацькоў, шчырыя пажаданні першакласнікаў.
На ўрачыстасць да вучняў Вішоўскай школы завіталі і ганаровыя госці. Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка пажадаў выпускнікам поспехаў у выбары прафесіі і падараваў школе два воданагравальнікі. Намеснік старшыні праўлення СВК “Калгас “Радзіма” па ідэалагічнай рабоце Міхаіл Скусаў уручыў кожнаму выпускніку і класнаму кіраўніку Кацярыне Палуда грашовыя прэміі, а настаяцель Петрапаўлаўскай царквы аграгарадка Вішоў айцец Павел – іконы.
У рамках праекта “Падары дзіця футбольны мяч”, што ладзіць Міністэрства адукацыі РБ і ААТ “Белаграпрамбанк”, вішоўскія першакласнікі атрымалі футбольныя мячы.
Па выніках навучальнага года самыя старанныя вучні Вішоўскай СШ былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі. Сярод іх – пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў, актыўныя і творчыя асобы.
…На тварах бацькоў, выпускнікоў і настаўнікаў, шматлікіх гасцей урачыстасці былі слёзы: прагучаў апошні званок і дзень 29 мая стаў днём развітання з дзяцінствам. Яны ў адзін голас сказалі: “Бывай, школа! – Прывітанне, самастойнасць!”.